Беларуская Служба

Дачка Юрыя Захаранкі, які знік 25 гадоў таму, спадзяецца на справядлівы суд пасля змены ўлады ў Беларусі

07.05.2024 19:06
«Мы ня страцілі веры, што калісьці будзе справядлівы суд».
   1999 .
Юры Захаранка ў 1999 годзе. Фота з архіву Алены Захаранкі

Радыё Свабода пагутарыла з дачкой экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі Аленай, якая больш за 20 гадоў жыве ў Нямеччыне.

Яе бацька, былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка, прапаў 25 гадоў таму, і справа аб ягоным знікненні ў Беларусі не расследаваная.

Алена Захаранка пачала размову словамі падзякі за памяць пра яе бацьку:

«Для мяне, маёй сям’і гэта вельмі эмацыйны дзень, цяжкі напамін пра падзеі, якім ужо столькі гадоў, а для нас нібыта гэта адбылося ўчора! Бо мы не змаглі змірыцца з тым, што здарылася, бо забойцы і замоўцы засталіся на свабодзе. Але мы ня страцілі веры, што калісьці будзе справядлівы суд. А вы ў гэта верыце?» — запытала Алена Захаранка, і голас яе задрыжаў. Яна выбачылася за слёзы і працягнула размову.

«Добра, што есць шмат людзей, якія не забылі гэтай гісторыі, не забылі герояў, якія паклалі свае жыцці за тое, каб калісьці ў Беларусі ўсё ж запанаваў закон. Такі час абавязкова прыйдзе», — мяркуе Алена Захаранка.

Раней сям’я Захаранкаў праз абаронцаў рэгулярна атрымлівала звесткі пра тое, што следства аб знікненні Юрыя Захаранкі чарговым разам аднаўляецца. Цяпер Алена Захаранка кажа, што ўжо некалькі гадоў звестак пра хаця б фармальнае падаўжэнне следства яна не мае.

«Не ведаем, што там адбываецца, і гэта не важна, не мае ніякага сэнсу. На вынік таго следства мы не спадзяёмся, бо пакуль гэты чалавек застаецца пры ўладзе, нічога не зменіцца», — кажа Алена Захаранка пра Лукашэнку.

Алена Захаранка. Алена Захаранка, дачка зніклага Юрыя Захаранкі

Увосень 2023 году ў Швайцарыі адбыўся суд над былым байцом беларускага спецназу Юрыем Гараўскім, які прызнаваўся ў тым, што ў 1999 годзе браў удзел у выкраданні Юрыя Захаранкі, а пазней Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. У выніку тых выкрадання беларускія апазіцыянеры былі забітыя, як засведчыў Юры Гараўскі. Суд, аднак, апраўдаў экс-сілавіка, адзначыўшы ў ягоных паказаннях супярэчнасці.

Алена Захаранка з адвакатам аспрэчыла судовае рашэнне. Дачка Юрыя Захаранкі працягвае спадзявацца на тое, што ў справе адбудзецца новы суд.

«Мы падалі скаргу і дамагаемся далейшых следчых дзеянняў, спадзяёмся на новы працэс. Але, шчыра, я таксама не асабліва веру, што гэта дасць вынік адносна прыцягнення да адказнасці асноўных забойцаў. Бо тут у нас няма дастаткова сведак. Гараўскі адзіны, і той змяніў паказанні. Хаця я ўдзячная яму за тое, што выступіў у судзе. Паводле маіх звестак, ён працягвае знаходзіцца ў Еўропе, а дзе менавіта, не афішуецца, інакш яго могуць проста знішчыць. А іншыя сведкі і ўдзельнікі тых падзей ці хаваюцца ў Беларусі, ці знаходзяцца там пры ўладзе. Ніхто з іх не будзе казаць праўду пра тыя падзеі, пакуль у Беларусі не адбудзецца палітычных зменаў. Упэўненая, што тады знойдзецца дастаткова сведак і суд над забойцамі нашага таты адбудзецца», — кажа Алена Захаранка.

Пра сябе Алена расказала, што імкнецца весці актыўнае грамадскае жыццё, у тым ліку каб пераадолець гора ад страты бацькі, якое яе не пакідае.

«Працую ў краме. Мне трэба кантактаваць з людзьмі, таму маю шмат сацыяльных кантактаў. Калі б я была проста дома са сваім болем сам-насам, мне было б вельмі цяжка эмацыйна. Дзякуючы працы з гэтым я спраўляюся. Можна сказаць, што за 20 гадоў мы інтэграваліся ў нямецкае грамадства. І я, мая сястра Юлія, наша мама Вольга».

Пра свайго адзінага сына Кірыла Алена расказвае з асаблівай цеплынёй і гонарам.

«Яму ўжо 25 гадоў. Сюды ён прыехаў, калі быў толькі годзік, а цяпер такі дарослы, добры! Кірыл ужо працуе, выдатна валодае нямецкай мовай, фактычна як немец, але разумее і па-руску, з  ім мы размаўляем па-руску, у тым ліку абмяркоўваем і беларускія падзеі. А стрыечны брат Кірыла Дзяніс яшчэ школьнік. Таксама добра вучыцца, развіваецца добра», — падзялілася Алена.

Жонка Юрыя Захаранкі Вольга на пэнсіі. Паводле Алены, яна стараецца часцей бачыцца з маці.

«Мама знаходзіцца дома, мае прыбаўку да пенсіі, глядзіць сваё здароўе. І сочыць за падзеямі не толькі ў Беларусі ці Нямеччыне, але і ў свеце. Ведае, што адбываецца, і ведае, чаму гэта адбываецца. Пра тое, што адбываецца ў Беларусі, дык дакладна ведае прычыны ўсяго гэтага. Бо мы назіралі, з чаго пачыналася, і можна было прадбачыць, да чаго гэта прывядзе. Вось і прывяло фактычна да фашызму, калі чалавек, каб утрымацца ва ўладзе, здзекуецца са свайго народу».

У студзені 2024 году Юрыю Захаранку споўнілася б 72 гады. Сёння Алена Захаранка па традыцыі пойдзе ў царкву і паставіць свечку ў памяць таты, які для яе застаўся маладым.

«Для нас усіх ён застаўся маладым, 47-гадовым барацьбітом, які ніколі не здаваўся. Калі ён праязджаў на сваёй белай машыне („Жыгулі“ шасцёрка ў яго была) насустрач картэжу Лукашэнкі, дык заўсёды мігаў яму фарамі. Рознымі спосабамі нібы выклікаў таго на асабісты двубой, але, як бачыце, сілы выявіліся няроўнымі. Тата гэта прадбачыў, але не забаяўся».

svaboda.org/вх

Былы беларускі спецназавец прызнаўся ў забойствах апазіцыянераў (ВІДЭА)

16.12.2019 16:03
Апазіцыйных палітыкаў і бізнесмена Анатоля Красоўскага застрэліў Дзмітрый Паўлючэнка, сцвярджае экс-спецназавец.