Беларуская Служба

Тадэвуш Бахэньскі – першы голас даваеннага Польскага радыё

08.05.2024 06:02
У 1920-1930-х гадах дыктар быў сапраўднай зоркай у Польшчы.
Аўдыё
  • Тадэвуш Бахэньскі – першы голас даваеннага Польскага радыё
Tadeusz Bocheński siedzi przed mikrofonem w studiu Polskiego Radia. Zdjęcie zostało zrobione w 1937 roku
Tadeusz Bocheński siedzi przed mikrofonem w studiu Polskiego Radia. Zdjęcie zostało zrobione w 1937 rokuNAC/Domena publiczna

У 2025 годзе Польскае радыё адзначыць 100-гадовы юбілей з моманту заснавання. Радыё – гэта перш за ўсё людзі, якія стваралі і ствараюць гэтую ўстанову. Адным з першапраходцаў польскага радыёвяшчання быў Тадэвуш Бахэньскі – вядомы дыктар Польскага радыё, які ў 1920-30-я гады быў сапраўднай зоркай у Польшчы. Сёння з яго постаццю мы пазнаёмім у гістарычнай рубрыцы.

Тадэвуш Бахэньскі нарадзіўся ў 1900 годзе ў Кіеве, памёр 25 красавіка 1968 года ў Варшаве. Яго прыгожае маўленне і дыкцыя – невыпадковая справа. Тадэвуш Бахэньскі закончыў Факультэт польскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэту. Дарэчы, пазней ён згадваў, што калі яго маці была маладой, то нейкая цыганка ёй нагадала, што неўзабаве яна выйдзе замуж і народзіць сына, які стане вядомым. Бахэньскі згадваў, што калі ён нарадзіўся, то маці жартавала, што цяпер, каб варажба споўнілася, трэба, каб сын стаў вядомы. Што і сталася ў 1920-х гадах, калі малады Тадэвуш трапіў на Польскае радыё. Гэта было ў 1926 годзе.

У 1920-1930-х гадах ён быў сапраўднай зоркай у Польшчы. У тыя часы радыё было нечым новым, а яго голас гучаў у мільёнах польскіх дамоў. Бахэньскаму, як то зорцы, пісалі жанчыны, прызнаваліся ў каханні, з ім рабілі інтэрв’ю і фотасесіі. Але папулярнасць Бахэньскага – гэта вынік яго працы, прыгожага голасу і дасканалай дыкцыі. Да вайны на радыё працавалі таксама іншыя дыктары – жанчыны і мужчыны, але менавіта Тадэвуш Бахэньскі быў вядучым голасам радыёстанцыі. Ён вёў шмат праграм: літаратурных, грамадскіх, музычных. Часам здараліся кур’ёзныя сітуацыі. Пра адну з іх дыктар згадваў ужо пасля вайны. Архіўны запіс Польскага радыё. 

- Падчас трансляцыі канцэрту танцавальнай музыкі з рэстарану вядомага варшаўскага гатэлю “Брыстоль”, які я вёў са студыі, нейкі нецвярозы госць падышоў да дырыжора і запатрабаваў, каб ансамбль выканаў вядомую песню. А паколькі канцэрт трансляваўся ў прамым эфіры, то дырыжор жэстамі паказаў, што, маўляў, нас слухаюць па радыё, і што ён не можа выконваць песні па замове, а згодна з праграмай. Мужчына неспадзявана для ўсіх скіраваў у адрас дырыжора некалькі нецэнзурных слоў. Мне ў студыі стала амаль кепска, калі замест танга, якое меў выканаць ансамбль, пачуў словы, якія культурны чалавек не мае права вымаўляць. Я адразу ж загадаў спыніць трансляцыю і раней часу закончыў эфір звычайнымі словамі: “На гэтым завяршаем праграму і жадаем добрай ночы!”. Пасля чаго прагучаў дзяржаўны гімн.

Tadeusz Bocheński spiker, lektor i konferansjer Polskiego Radia przy mikrofonie w studiu przy ul. Zielnej Tadeusz Bocheński spiker, lektor i konferansjer Polskiego Radia przy mikrofonie w studiu przy ul. Zielnej

Калі пачалася вайна, Тадэвуш Бахэньскі застаўся ў краіне. Ён, у прыватнасці, выступаў у падпольным тэатры, а таксама ў кафэ і рэстаранах, каб зарабіць на жыццё. Пасля вайны вярнуўся на Польскае радыё. Вёў перадачы, у тым ліку музычныя, а таксама выступаў у радыёспектаклях. Дыктар працаваў у эфіры амаль да канца жыцця, нягледзячы на вялікія праблемы са здароўем. Памёр вядомы польскі голас у 1968 годзе. 

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

 

Больш на гэтую тэму: Машына часу